БАЛГА́РЫЯ ВО́ЛЖСКА-КА́МСКАЯ,

Булгарыя, сярэдневяковая дзяржава ў Сярэднім Паволжы і Прыкам’і (на тэр. сучаснага Татарстана) у 10—14 ст. Пачала фарміравацца ў канцы 7 ст. Канчаткова як дзяржава вылучылася з Хазарскага каганата пасля яго разгрому ў 960-я г. войскамі кіеўскага князя Святаслава. Сталіца — г. Булгар, з 12 ст. г. Біляр. Насельніцтва — балгары волжска-камскія, фіна-угорскія народы і інш. На чале дзяржавы стаяў эльтэбер (адпавядаў беку ці эміру), пры яго двары чаканіліся манеты. З 10 ст. ў гасп. дзейнасці пераважала земляробства, дзярж. рэлігіяй стаў іслам. Значнае развіццё атрымаў гандаль з усх. краінамі, Руссю, Скандынавіяй і паўн. угра-фінскімі плямёнамі. У ваен. і гандл. адносінах сапернічала з Кіеўскай Руссю, пазней — з Уладзіміра-Суздальскім княствам. Да 1241 трапіла пад уладу мангола-татараў. У 2-й пал. 13 ст. падзялілася на Балгарскае і Жукоцінскае княствы, якія ў 1390-я г. разбіў Цімур. Нашчадкамі культуры Балгарыі Волжска-Камскай з’яўляюцца сучасныя татары, чувашы.

Літ.:

Фахрутдинов Р.Г. Очерки по истории Волжской Булгарии. М., 1984;

Волжская Булгария и Русь: (к 1000-летию русско-булгарского договора). Казань, 1986;

Волжская Булгария и монгольское нашествие. Казань, 1988.

т. 2, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)